Дарога да Святыняў

“Дарога да Святыняў” — гэты праект, што ствараўся групай энтузіястаў у пачатку 90-х, з часам перарос у з’яву не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага значэння

XXVІІ Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга днямі стартавала са Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску. Далей яе шлях пралягае праз Святое Поле каля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна, Асіповічы, Краснаполле, Касцюковічы, Хоцімск, Клімавічы — і ў сталіцу сёлетняга Дня беларускага пісьменства Бялынічы.

Ініцыятар экспедыцыі — беларуская пісьменніца, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта краіны «За духоўнае адраджэнне» Ніна Загорская.  І вось ужо больш за чвэрць веку прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі краіны, духавенства, пісьменнікі, мастакі, артысты штогод адпраўляюцца ў паломніцтва па населеных пунктах з Жыватворным агнём і цудадзейнай Загор’е-Сталовіцкай іконай Пакрова Божай Маці, якая, дарэчы, была кананізавана Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы 20 гадоў таму, сустракаюцца з жыхарамі розных рэгіёнаў, наведваюць святыя мясціны.

Сёлета нашаму гораду пашчасціла далучыцца да экспедыцыі, прыняўшы яе ўдзельнікаў.

2 верасня сустрэлі гасцей каля Свята-Уведзенскага храма дабрачынны Асіповіцкай акругі протаіерэй Васілій Белавус, прадстаўнікі раённай улады, вернікі. Народны ансамбль народнай музыкі і песні “Дзівакі” выканаў некалькі прывітальных нумароў. Удзельнікі экспедыцыі наведалі царкву, паразмаўлялі з яе прыхаджанамі. Перад асіпаўчанамі выступіла Ніна Загорская.

Далей пілігрымы, да якіх далучыліся асіпаўчане, накіраваліся ў хрэсны ход па горадзе да Крыжа-Узвіжанскага храма, дзе святары адслужылі малебен і пасля пропаведзі перадалі Жыватворны агонь на свечкі і лампады. Кожны ў гэта імгненне думаў аб сваім: здароўі, міры ды згодзе…

Добрай традыцыяй “Дарогі да Святыняў” стала пасадка дрэў у месцах наведвання, якая носіць сімвалічную назву — Сад Малітвы. Не выключэнне і сёлетняя экспедыцыя. На тэрыторыі Крыжа-Узвіжанскага храма ў памяць аб мерапрыемстве з’явіліся маладыя дрэўцы, у высадцы якіх прынялі ўдзел госці і гаспадары горада.

Настрой усіх удзельнікаў быў прыўзняты. Яны віншавалі адзін аднаго, дарылі шчырыя словы ўдзячнасці, наладжвалі стасункі. Лагічным завяршэннем дня стала культурна-асветніцкая праграма, у якой прынялі ўдзел усе жадаючыя. Чыталі вершы, спявалі. У выкананні ансамбля сярэдневяковай музыкі “Вір” з Барысава гучалі мілагучныя мелодыі, запаўняючы сабой наваколле. Паэт Янка Лайкоў чытаў вершы Уладзіміра Караткевіча і ўласныя творы.

А назаўтра раніцай адбылася духоўна-асветніцкая гутарка ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, якая стала апошнім пунктам праграмы на Асіповіцкай зямлі. Экспедыцыя накіравалася далей, несучы полымя міру і дабрыні па краіне.

Па матэрыялах сайта «АСIПОВIЦКI КРАI»

Бобруйская епархия © 2024 ·   Войти   · Дизайн: иер. Алексий Болотов Наверх