Інтэрактыўнае дзеянне з элементамі ценявога тэтра і калядак «Шчодры вечар» было падрыхтавана для дарослых і дзяцей Юліяй Гукавай і Міхаілам Каранкевічам.
У гэтым годзе святочныя віншаванні прагучалі на роднай мове. Для гледачоў адбылося ценявое прадстаўленне, складзеннае з вершаў розных аўтараў, а потым праспяваны калядкі і трапар Раства Хрыстова на беларускай мове.
Слухачам былі прапанаваны загадкі аб калядных рэчах, асобах і падзеях. Усе прысутныя атрымалі паштоўкі, мандарыны, нацыянальнае каляднае печыва — казулі і іншыя падарункі. Не засталіся без узнагароды і калядоўшчыкі.
Потым сёстры і браты пілі гарбату з пірагом у выглядзе Віфлеемскай зоркі, слухалі Свяшчэннае Пісанне, гулялі ў гульню «Хто я?» (гульцу трэба было адгадаць загаданнае яму слова, звязанае з Евангельскім урыўкам аб Растве Хрыстовам, але словы трапляліся не відавочныя, а даволі складаныя, напрыклад: перапіс, ладан, касцёр, вярблюд).
Напрыканцы настаяцелем храма айцом Дзімітрыем Первіем былі падораны мастацкія кнігі шведскай пісьменніцы Сельмы Лагерлёф «Легенды аб Хрысце», якія яна напісала, вярнуўшыся з падарожжа па старажытнай іудзейскай зямлі. Гэтыя паданні падобны да літаратурнага жанру святочных расказаў, напоўнены цудамі, фантастыкай, маральнымі ўрокамі і звычайна заканчваюцца шчаслівым фіналам і духоўным ператварэннем герояў, падкрэсліваюць тэмы міласэрнасці, дабра і веры.
Хрыстаславы таксама парадавалі сваімі спевамі навучэнцаў і педагогаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Кіраўска.